СТАРА́Я БЕ́ЛІЦА,
вёска ў Гомельскім р-не, на аўтадарозе Гомель—Уваравічы. Цэнтр сельсавета. За 20 км на ПнЗ ад Гомеля, 12 км ад чыг. ст. Уза. 567 ж., 333 двары (2001). Базавая школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнікі архітэктуры: Старабеліцкая Мікалаеўская царква, сядзіба (канец 18—2-я пал. 19 ст.).
У 18 ст. вёска ў Гомельскім старостве Рэчы Паспалітай, уладанне Чартарыйскіх. З 1772 у Рас. імперыі. У 1773—490 ж., 47 двароў. У 1775 С.Б. падаравана імператрыцай Кацярынай II кн. М.Кантгаўзену. У 1777—86 у сувязі з буд-вам новага цэнтра Беліцкага пав. (Новай Беліцы) павятовая адміністрацыя размяшчалася ў С.Б. У 1875 сяло, 666 ж., 150 двароў, нар. вучылішча, царква. З 1878 да 1914 прыватнае ўладанне Солтан-Перасветаў. У 1886—664 ж., 110 двароў, вінакурны з-д, 2 ветраныя млыны, царква. З 8.12.1926 цэнтр сельсавета Уваравіцкага р-на Гомельскай акругі, 635 ж., 194 двары. З 20.2.1938 у Гомельскай вобл., з 17.4.1962 у Гомельскім р-не. У Вял. Айч. вайну ням. фашысты загубілі тут 12 жыхароў.
т. 15, с. 160
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)